Пандэмія – не перашкода для развіцця інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў

Дата: 29 декабря 2020 в 13:31, Обновлено 29 декабря 2020 в 13:45
128 просмотров

Пандэмія – не перашкода для развіцця інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў

У  Студзёнкаўскай ДССШ Сенненскага раёна вялікая ўвага надаецца пазакласнай рабоце па вучэбных прадметах, якая не толькі дае магчымасць навучэнцам паглыбіць веды па прадмеце, але і  садзейнічае развіццю іх  творчых здольнасцей, фарміруе станоўчую матывацыю да вывучэння прадметаў. 
З 2018 года вучні  1-10 класаў  прымаюць удзел у Міжнародным анлайн-конкурсе па інфарматыцы і вылічальнай тэхніцы “Бабер”, які праводзіцца з мэтаю стварэння ўмоў для развіцця інтэлектуальных здольнасцей дзяцей.  Неабходна адзначыць, што ўдзельнічаюць не толькі школьнікі, якія вывучаюць інфарматыку, але і вучні пачатковых класаў, у якіх маюцца неабходныя навыкі работы з камп’ютарам.
Першыя крокі былі не зусім удалыя.  Не было атрымана ніводнага дыплома. Але самі заданні, сам конкурс выклікаў у вучняў вялікую цікавасць, таму яны выказалі жаданне і ў наступным годзе зноў стаць яго ўдзельнікамі.   Была спланавана работа па падрыхтоўцы навучэнцаў да анлайн-конкурсу, якая прадугледжвала  работу не толькі настаўніка інфарматыкі, але і настаўнікаў-прадметнікаў, класных кіраўнікоў па павышэнні цікавасці навучэнцаў да інфарматыкі і інфармацыйных тэхналогій,   развіцці ў іх логікі, умення разважаць, думаць, рабіць адпаведныя вывады. Для вучняў пачатковых класаў было арганізавана правядзенне факультатыўнага занятку “Развіваючая інфарматыка”.
У 2019 годзе прынялі ўдзел у конкурсе  54% навучэнцаў школы.  Было атрымана 6 дыпломаў другой і трэцяй ступені. Першая перамога садзейнічала таму, што вучні  яшчэ больш сталі цікавіцца інфарматыкай. Разам з настаўнікам інфарматыкі былі прааналізаваны  заданні, узятыя з электроннага зборніка да конкурсу “Бабер”. І ў суботні дзень, і ў час канікул можна было бачыць вучняў у кабінеце інфарматыкі за выкананнем лагічных заданняў.
І вось лістапад 2020 года. 50 вучняў школы, што склала 62%,  прынялі ўдзел у конкурсе. Пасля выканання заданняў  вучні дзяліліся ўражаннямі, расказвалі пра тое, што ім было больш за ўсе цікава выконваць. Малодшым школьнікам больш падабалася выконваць тэставыя заданні з варыянтамі адказаў, з якіх неабходна было выбраць правільныя; старэйшым - заданні з уводам адказу ў тэкставае поле. Некаторыя выказалі шкадаванне, што ім не хапіла часу для выканання ўсіх заданняў, на якія  адводзілася толькі сорак хвілін.
А з якім хваляваннем чакалі вынікаў конкурсу!  І якая радасць і для вучняў, і для педагогаў: атрымана 39 дыпломаў, выніковасць склала 78%. Упершыню атрыманы 6 дыпломаў першай ступені. Другой ступені атрымана 16 дыпломаў, трэцяй – 17.
Для сябе мы зрабілі вывад, што пандэмія – гэта не перашкода для развіцця ў дзяцей цікавасці да пазнання чагосьці новага, развіцця іх інтэлектуальных здольнасцей. А дасягаецца гэта, дзякуючы ўмеламу кіраўніцтву з боку педагогаў і забяспечанасці кабінета інфарматыкі сучасным абсталяваннем. Неабходна адзначыць, што кабінет інфарматыкі нашай установы адукацыі быў адзначаны дыпломам першай ступені сярод сельскіх школ у раенным конкурсе кабінетаў інфарматыкі ў лістападзе 2020 года. 
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Печанькова Н.В.
 
Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.